Этнаграфічная калекцыя

Этнаграфічная калекцыя Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея дае ўяўленне аб этнаграфічных асаблівасцях Горацкага рэгіёна. Тут на паўночна-усходняй ускраіне Магілёўскага Падняпроўя, на мяжы з рускімі землямі, гістарычна склаліся асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры, асновай якіх з’яўлялася традыцыйнае земляробства, жывёлагадоўля, шматлікія промыслы, абумоўленыя прыроднымі фактарамі.
На сённяшні дзень калекцыя этнаграфіі налічвае больш за 400 музейных прадметаў, многія з якіх з’яўляюцца ўнікальнымі.
У калекцыі захоўваюцца вырабы і прылады працы рамеснікаў. Развіццё горацкіх рамёстваў і промыслаў, асабліва ў сялянскай мясцовасці, было цесна звязана з векавымі народнымі традыцыямі і захавала рысы самабытнасці.
Рамёствы па вырабе і апрацоўцы льняной, пенькавай пражы і тканіны былі традыцыйна жаночым заняткам і займалі вядучае месца сярод прамысловых заняткаў горацкіх умельцаў. У зборы прадстаўлены: саматканыя ручнікі і посцілкі, абрусы.
Значнае месца ў зборы займае сялянскі народны касцюм. Ён натуральна ўпісваўся ў беларускі краявід, гарманіраваў з інтэр’ерам сялянскай хаты, з яго самабытнай мэбляй, ручнікамі, абрусамі. Матэрыяламі для адзення служыла мясцовая сыравіна: лён, пянька, воўна, а таксама аўчына, футра, скура. У якасці фарбавальнікаў выкарыстоўвалі настоі розных кветак і траў, лісце і кару, балотную руду, гліну.
На тэрыторыі сённяшняга Горацкага раёна ў пачатку ХХ ст. бытавала некалькі касцюмных комплексаў. У склад асноўнага жаночага касцюма ўваходзілі рубаха, андарак, кароткі кабат, фартух, пакупная хустка. Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складалі доўгая кашуля і штаны з даматканага палатна натуральнага белага колеру. Значным элементам традыцыйнага касцюма мясцовага насельніцтва з’яўляліся паясы з шарсцяных і ільняных нітак, якія былі не толькі элементамі касцюма, але і ўвасабленнем духоўных бакоў жыцця. Асноўны абутак – лапці, часцей лыкавыя; больш заможнае насельніцтва на святах насіла скураныя боты.
Не менш значную ролю адыгрывалі дрэваапрацоўчыя рамёствы і промыслы: даўбленне, бандарства, цяслярства, стальмашэства, пляценне з кары і др. У фондах Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваецца больш за 100 вырабаў горацкіх рамеснікаў па апрацоўцы дрэва. Большую частку калекцыі складаюць розныя драўляныя прыстасаванні для апрацоўкі ільну: грэбні, бёрды, верацёны, чаўнакі, пралкі. Прадстаўлены розныя прадметы быту, посуду, бандарныя вырабы: дзежкі, баклагі, маслабойкі, рашоты. Таксама маюцца ўзоры даўбёжнага рамяства: ступы, карыта. Асобую цікавасць маюць прылады вытворчасці, якія выкарыстоўваліся ў дрэваапрацоўчых рамёствах і промыслах – гэта рубанкі, калёўкі, адборнікі, шпунтоўнікі, цыркулі, рэйсмусы, скоблі, пешні, двуручныя пілы, прыстасаванні для вырабу лыжак і інш.
Даволі шырокае развіццё на Горацкай зямлі атрымалі таксама кавальства, ганчарства, пляценне з розных матэрыялаў, што найшло адлюстраванне ў этнаграфічным зборы музея.