Творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Марынай Сліўко

22 ліпеня ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Марынай Сліўко «Вандруючы па Сусвеце».

Яе ўдзельнікамі сталі члены народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», прадстаўнікі ўстаноў культуры Горацкага раёна, ветэраны працы, студэнты БДСГА, навучэнцы школ.

У творчым партфелі Марыны Сліўко – паэтычныя зборнікі «Зорныя арэлі», «Пилигримы Вселенной», кніга празаічных твораў у жанры фэнтэзі «НЕреальность», літаратурна-мастацкі альбом «Душа василькового края». Яе вершы, апавяданні, аповесці, казкі, гумарэскі і іншыя творы змешчаны таксама ў літаратурна-мастацкіх, навукова-папулярных часопісах і альманахах: «Поэзия магистрали», «Метаморфозы», «Приднепровские мотивы», «Прыдняпроўе – край талентаў», «Созвучье слов живых», «Союзники» і інш.

Нарадзілася Марына Сліўко ў Ленінградзе 30 чэрвеня 1962 года. Але сапраўды родным горадам стаў для яе Магілёў, дзе яна скончыла школу, атрымала дыплом сацыяльнага педагога ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Тут яна прадоўжыла сямейную працоўную дынастыю чыгуначнікаў, агульны стаж якой больш за дзвесце гадоў.

Марына Аляксандраўна больш за 20 гадоў кіравала клубам аматараў паэзіі «Магистраль» пры культурна-спартыўным цэнтры Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі.

Яна вельмі любіць падарожнічаць. Пісьменніца наведала многія краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. У гэтых вандроўках чэрпае натхненне, імкнецца ўбачыць штосьці незвычайнае ў самых звычайных рэчах: з’явах прыроды, архітэктуры, сустрэчах з цікавымі людзьмі.

Марына Сліўко прэзентавала асабістую творчасць, пазнаёміла прысутных са шматграннай палітрай тэм і матываў сваёй паэзіі. У ёй разнастайна прадстаўлена грамадзянская, філасофская, інтымная лірыка, а таксама гумарыстычныя творы, замалёўкі на розныя тэмы і вершы для дзяцей.

На сустрэчы прагучалі песні на словы Марыны Сліўко: «Беларусь – мая старонка», «Беларуская чыгунка», «Проводница», «Могилёвская уха», напісаныя ёю сумесна з кампазітарамі Галінай Сёмінай і Яўгенам Маланковым.

Змястоўны і займальны аповед аб яе жыцці і творчасці выклікаў жывую рэакцыю аўдыторыі. Марына Аляксандраўна не хавала свае трапяткія адносіны да Горак, дзе вырас яе бацька, дзе прайшло і яе дзяцінства і куды потым кожнае лета яна прыязджала на канікулы да сваёй бабулі.

Шмат цёплых, шчырых слоў у адрас госці прагучала ад члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Ніканчук, дырэктара музея Святланы Макеевай, ветэранаў працы Людмілы Дзёменскай, Ларысы Грушынай, Валянціны Копач і Надзеі Курбасавай. Верш прысвяціў ёй паэт Аляксандр Ведзянееў.

Зборнікі сваіх твораў з аўтографам Марына Сліўко падарыла Цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Гарэцкага і народнаму літаратурнаму аб’яднанню «Роднае слова».

272