Сэрцам роднага слова краніся…

Літаратурна-музычная кампазіцыя “Сэрцам роднага слова краніся”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, была прадстаўлена ў студэнцкім інтэрнаце № 4 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Вядучыя мерапрыемства расказалі пра гісторыю свята, непаўторнасць і багацце беларускай мовы, прывялі выказванні аб ёй вядомых пісьменнікаў. У выкананні студэнтаў прагучалі вершы беларускіх майстроў слова на роднай і аб роднай мове.

На мерапрыемства былі запрошаны ўдзельнікі народнага літаратурнага калектыву “Роднае слова”, якое дзейнічае пры музеі: член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван і паэт Аляксандр Ведзянееў.

Аўтары чыталі свае беларускамоўныя вершы аб Радзіме, жыцці і каханні, разам з аўдыторыяй разважалі аб значэнні і ролі роднай мовы ў жыцці чалавека.

З задавальненнем слухалі студэнты і песні на словы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Кавалёвай (“Беларусі”; муз. Уладзіміра Воранава), паэтаў Аляксандра Клачкова (“Буслы Беларусі”; муз. Яўгена Магаліфа), Лідзіі Андрэевай (“Проста сын”; муз. Андрыяна Бялясава), а таксама “Матчыну песню” кампазітара Валянціны Макеевай. Напрыканцы прагучала песня “Добрыя людзі” (словы Алеся Бадака, муз. Алега Елісеенкава) у выкананні малодшага навуковага супрацоўніка кафедры іхтыялогіі і рыбаводства Мікалая Семянка.

Супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага была падрыхтавана літаратурная выстава, дзе экспанаваліся кнігі класікаў беларускай літаратуры, выданні, прысвечаныя гістарычнаму станаўленню і развіццю беларускай мовы, слоўнікі, паэтычныя і празаічныя зборнікі твораў магілёўскіх і горацкіх аўтараў.

Студэнты выказвалі свае адносіны да роднай мовы, гаварылі аб тым, як важна карыстацца ёй у паўсядзённым жыцці, думаць па-беларуску.

Людміла Дзеружкова, кіраўнік народнага літаратурнага калектыву “Роднае слова”

291