Прэзентацыя зборніка вершаў А. Ведзянеева

10 чэрвеня ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі адбылася прэзентацыя зборніка вершаў члена народнага аматарскага аб’яднання «Роднае слова» Аляксандра Ведзянеева «Медвежий формат».

Раней чытачы ўжо пазнаёміліся з кнігамі паэта «Щепотка соли» (2020), «Миражи любви, или Анна» (2021), «Душою всей на Бога уповая…» (2022).

Чацвёрты зборнік паэта «Медвежий формат» выйшаў з друку на пачатку чэрвеня ў мінскім выдавецтве «Белпринт». Ён складаецца з трох раздзелаў і змяшчае 185 вершаў разнастайнай тэматыкі. Незвычайную яго назву аўтар тлумачыць алегарычным сэнсам сваіх твораў.

Павіншаваць Аляксандра Ведзянеева з новым зборнікам прыйшлі калегі па пяру, прадстаўнікі ўстаноў культуры, землякі, яго родныя і блізкія, сваякі і сябры, прыхільнікі творчасці.

Вядучая мерапрыемства, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, супрацоўнік Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага Наталля Ніканчук пазнаёміла прысутных са зместам новага выдання, прачытала некаторыя вершы паэта і асабістае прысвячэнне аўтару, а таксама выказала сваё меркаванне пра зборнік: «Усе гэтыя вершы аб’ядноўвае неймаверная шчырасць, якую я вельмі моцна цаню ў паэзіі і ў творчасці ўвогуле. Тут вы не знойдзеце “прычасаных” вершаў, напісаных на заказ ці на паказ. Вершы Сашы Ведзянеева кранаюць душу сваёй праўдзівасцю», – зазначыла пісьменніца.

Аўтар адказаў на пытанні Наталлі Валянцінаўны і прачытаў свае творы «Постное сало» і «Горький мёд».

Як адзначыла ў прадмове да зборніка член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Азаранка, страфа яго лёгкая і зразумелая, яе шлях да сэрца чытача праходзіць праз душу і сэрца паэта, вызначаецца сапраўдным патрыятызмам.

Працавітасць на ніве паэзіі, пазітыўны, добразычлівы характар Аляксандра Ведзянеева адзначылі ветэраны педагагічнай працы Людміла Дзёменская, Тамара Стрыжэннікава і Валянціна Копач, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван і іншыя калегі па пяру. Свае вершы прысвяцілі віноўніку ўрачыстасці члены народнага аматарскага аб’яднання «Роднае слова» Алеся Азаранка, Надзея Курбасава і Валянціна Мажугіна. Паэтка і мастачка Святлана Цярэшка падаравала яшчэ і асабістую карціну. Шмат цёплых, шчырых слоў і пажаданняў было сказана ў адрас паэта дырэктарам Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Святланай Макеевай, дырэктарам Цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага Аленай Марозавай, якая ўручыла паэту Падзячны ліст за супрацоўніцтва з гэтай установай культуры. Павіншавалі паэта з выхадам чарговага зборніка і выказалі свае меркаванні аб творчасці таксама кіраўнікі народных аматарскіх аб’яднанняў: «Мастацтва» – Валянціна Белавусава, «Скарбніца» – Ірына Хізанейшвілі, мастак Леанід Свінабаеў і родныя паэта. Выкладчык Дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі Ганна Калікінская прэзентавала новую песню на словы паэта, якая прагучала ў яе выкананні.

Віншавальную праграму падрыхтавалі і ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Паршынскія зоры», актыўным членам якога таксама з’яўляецца Аляксандр. У выкананні Раісы Галачкінай, Ірыны Каратай, Святланы Хутлікавай, Кацярыны Шаціла прагучалі музычныя віншаванні. Тэатралізаваную мініяцюру «Шлюбны кантракт» прадставілі Аляксандр Ведзянееў і Галіна Зубарава.

Усім жадаючым і прыхільнікам сваёй творчасці аўтар падараваў кнігі з аўтографам.

347